?

Log in

No account? Create an account
   Journal    Friends    Archive    Profile    Memories
 

Добры дзень шаноўныя сябры па ЖЧ і наведвальнікі блёгу А. Мяльгуя!… - Дыярыюш журналіста і музычнага аналітыка Анатоля Мяльгуя

Mar. 23rd, 2008 06:33 pm

Добры дзень шаноўныя сябры па ЖЧ і наведвальнікі блёгу А. Мяльгуя!
Сёньня прапаную рэцэнзію на новую складанку, якая мае выйсьці да 90-годьдзя БНР. Гэты тэкст я прапаную для гаэеты "Новы Час", але па просьбе складальнікаў выстаўляю яго таксама і на сваім блёгу.
З павагай, Анатоль Мяльгуй




"Незалежны Я”: гімн Дню Волі, вясне і каханню
Сярод планаў па ўшанаванню 90-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі, якія вызначаны сябрамі Культурніцкай камісіі Партыі БНФ ў “Канцэпцыі й пляне адзначэньня 90-годзьдзя БНР”, не малое месца аддадзена аудыё і відэа-праектам, прымеркаваным да гэтай важнай для нашай гісторыі даты. Упэўнены, што ўвагу слухачоў прыцягне адзін з вынікаў рэалізацыі гэтых планаў – дыск з кампазіцымі беларускіх рок-гуртаў “Незалежны Я”, які выдадзены намаганнямі Культурніцкай камісіі. Выхаду дыска таксама паспрыяла вядомая ў Беларусі фундатарка і прафесар спадарыня Ала Орса-Рамана.

Як і дэкларавалі складальнікі дыска “Незалежны Я”, праграма яго амаль пазбаўлена палітызаванасці. Але гэта не значыць, што складанка з разраду пустых музычных “дрындушак”. На дыску ёсць шмат сур’езных кампазіцый, якія наўпраст стасуюцца з тэмай свята 25 сакавіка. Проста дзень 90-х угодкаў БНР – вяснавы. Таму музыкам прапанавана звярнуць увагу і на гэтую акалічнасць святкавання. А значыць, складальнікі віталі ў песнях добры настрой, каханне і іншыя прыкметы жыццёвага пазітыву...
Ну а хто, як не маладыя выканаўцы, схільныя да пазітыўнага ўспрыняцця свету? Верагодна таму песні гуртоў маладой генерацыі сталі своеасаблівай візітоўкай праекта. Хоць трэк-ліст дыска “Незалежны Я” адкрываецца эмацыянальнай і філасофскай кампазіцыяй ветэрана айчыннай рок-сцэны -- Аляксандра Памідорава і гурта Pomidor/OFF. Аляксандр прапанаваў гэты твор адмыслова для святочнай складанкі і не памыліўся: ягоная кампазіцыя задае агульны тон гукавому палатну дыска “Незалежны Я” і інтрыгуе будучымі адкрыццямі.
І вось наступнае слова на дыску як раз дадзена маладым: этна-кор-гурт UNIA разам з вэтэранам айчыннага фолк-мадэрну Алегам Хаменкам прадстаўляюць вядомую “песняроўскую” кампазіцыю “Хлопец пашаньку пахае”. І хоць запіс яшчэ не ў стане перадаць той фантастычны ажыятаж, які пануе на канцэртах каманды, у аранжыроўках адчуваецца вялікі патэнцыял музыкаў, якія спалучаюць рытмы hard-core і мелодыку беларускага фальклора . Плюс -- гук беларускай дуды ад Алега Грынько. Карацей, добрая заяўка, у тым ліку, і на ўдзел у “Дударскім фэсце”, які мае адбыцца ў красавіку...
Эстафету ад UNIA падхопліваюць прадстаўнікі магілёскай рок-плыні. Выканаўцы з гораду на Дняпры за апошнія два гады зрабілі адчувальны рывок і вылучылі цікавую рэгіянальную плынь у нацыянальным рок-руху. На дыску прадстаўлены кампазіцыі панк-рок-гурта “Глюкі” і ска-панк-гурта “Заточка”. Першая з названых каманд відавочна пасталела выканаўча: гук “Глюкаў” у песні “Праграма” стаў больш шчыльным і “цяжкім”, а з гэтага больш сталым і прафесійным. “Заточка” прадставіла цікавы погляд на апошлены сёння панятак патрыятызму -- праз прызму футбольнага заўзятара. Увогуле, кампазіцыя “Пра футбол” атрымалася завадной і хуліганскай, як і належыць сапраўднаму ска-панк-гурту. Адзначу прафесійнасць духавікоў гурта, якія шмат робяць, каб кампазіцыі “Заточкі” займелі пазнавальны музычны каларыт. Ска-панкаўскую тэматыку па-свойму выразна працягнулі іх менскія калегі з каманды Ska!RB, што дэбютавалі песенькай “D.I.Y. Porno Zine”, прысьвечанай каханню ў часы, калі “няма цяпла, няма сьвятла...”
На мой погляд, адным з самых арыгнальных па гучанні з усіх маладых гуртоў, якія прадстаўлены на складанцы, з’яўляецца сталічная каманда Siver. Сінтэз гукаў элетронных інструментаў і гітарнага суправаджэння, рамантычнай мелодыі і разнастайных вакальных прыёмаў робяць кампазіцыю “Мінск” адной з “разынак” дыска.
А вось лаўрэат мінулагодняга “Рок-Кола” “цяжкі” nu-metal-гурт “Акропаль” са Смалявічаў вырашыў нагадаць песню “Дзе ты дзе”, якая была запісана на альбоме гурта “Дзе вы згубілі мяне?” Па выкананю і аранжыроўцы – гэта тыповая гітарная балада, але па тэксце больш выглядае на псіхалагічны партрэт нашага сучасніка...
Нажаль, беларускія выдаўцы часта забываюць пра існаванне беларускамоўнай рок-плыні ў Польшчы. А гэты дыск выключэнне: складальнікі прадставілі беларускім слухачам адну з лепшых кампазіцый гурта 5set5 з польскага Гарадка. Уражваюць вакальныя магчымасці Ілоны Карпюк, якая паспяхова сумяшчае ў спевах рокавы драйв і драматызм, які ідзе ад тэкста песні “Така Я”. Цікава было б пазнаёміцца з новым альбомам гурта пад інтрыгуючай назвай “Х”, які ўжо выйшаў ў Польшчы!
Наступнымі гонар маладой плыні беларускага рок-руху выпала адстойваць такім маладым гуртам, як “Амарока” (“Імёны Свабоды”), Band A (“Хуткія”), Usplёsk (“Менская сіеста” з альбому “Выварат Вілія”), Recha (“Як сьпявала”), “Кальмары” (“Ён і яна”), якія сваімі музычнымі сродкамі імкнуцца раскрыць тэматыку згаданай скаладанкі. Лірычна-экспрэсіўнымі, як у песні гурта Recha, ці як у “Кальмараў” -- сцёбна-поп-рокавымі. Што ж тычыцца гэтых каманд, то далейшым штуршком для шмат каго з іх стане выданне сольных альбомаў. Кампазіцыі са складанкі сведчаць, што маладыя рок-музыкі гатовы для руху наперад!
Ну а выканаўцам больш сталага веку было наканавана было ў адказ прэтэнзіям маладых на лідэрства даводзіць важкія аргументы на сваё статус-кво. Песні ад гуртоў-ветеранаў адрозніваліся глыбінёй, тэматычнай разнастайнасцю і большай дапасаванасцю да тэматыкі 90-годдзя БНР. Нават у “еўравізійным” гіте ад гурта Dali “Небы шэрае”, у якім лірычны герой прапануе сваёй каханай “давай ізноў, як рэкі, выйдзем з берагоў”, буяе сапраўднае пачуццё... Не кажучы ўжо пра жорсткія ад “цяжкіх” гітарных рыфаў кампазіцыі гуртоў “Сьцяна” і Partyzone. Гэтых музыкаў апошнім часам не часта можна пабачыць на канцэртных пляцоўках. Але, відавочна, што іх кампазіцыі “Калыханка” ды “Розум” сведчаць аб добрай творчай форме гэтых прызнаных у Беларусі лідэраў стылю nu-metal.
Ёсць на дыску і песні, створаныя на ўзоры паэтаў-класікаў, як гэта зрабілі ўдзельнікі гурта IQ48, выкарстаўшы верш Янкі Купалы “Гэй, наперад”. Песня атрымалася аптымістычнай і сугучнай святу 90-годдзя БНР, бо ў ёй выкарыстаны музычныя прыёмы з арсеналу такіх “пазітыўных” стыляў, як ска-панк, рэгі ды фанк. Гэтыя пачуцці будуць панаваць і пасля праслухоўвання кампазіцыі Ігара Загумёнава і гурта ZigZag “Ляцяць дні”. Сур’ёзная тэма праз модныя рытмы – даніна эпосе постмадрнізму і сённяшнім трэндам у сусветнай рок-музыцы.
А вось гурт P.L.A.N., які прапанаваў песню на верш Алеся Пісарыка “Наша спадчына”, мусіў бы падвергнуцца нападкам з боку некаторых звыш-пільных “крытыкаў” за такія радкі: “Наша спадчына зноў абкрадзена, слава княжая чэзне ў агні...”, “Мова матчына заняволена...”, “Долю горкая дадзена нам...” Маўляў, колькі можна ўжо песімістычных песень пра горкую долю?! Але давайце даслухаем твор А. Пляснава да фінальных акордаў, калі загучаць вось гэтыя радкі: “За нязломнасць, жывучасць вялікую я люблю, Беларусь, цябе!” Адчуваеце? Боль адлягае і ўзнікае цэласны вобраз краіны, якая жыве ў змаганні за сваю Волі і Незалежнасць і сустракае 90-я ўгодкі БНР з надзеяй і любоўю яе лепшых сыноў і дачок. Гэта і завецца мастацкім катарсісам... І ніякага песімізму!
Музычны настрой А. Плясанава працягваюць эмацыйна-напружаная кампазіцыя гурта “Гарадзкія” “Усё, што мяне ў гэтым сьвеце трымае...” – погляд сучаснікаў на нашу мінуўшчыну і асабістая прысяга ў вернасці “сцягу колеру крыві сваіх продкаў”. Негледзячы на пафаснасць некаторых радкоў, лідар гурта і вакаліст Піт Паўлаў пераконвае, што ён верыць у прамоўленае, што ён “не пачатак, а толькі нашчадак”.
Эмацыйным пікам складанкі “Незалежны Я”, на мой погляд, з’яўляецца кампазіцыя-рэквіем гурта BN і Лявона Вольскага “Загінуўшым паэтам прысвячаецца...” Заслуга тут бачыцца, у першую чаргу, аўтара тэкста Сяржука Машковіча, які змог перадаць трагізм лёсаў беларускіх паэтаў. Яны былі і сярод стваральнікаў і абаронцаў БНР. Успомнім толькі паэта-змагара Алеся Гаруна... Нельга не адзначыць і тое, што ў кампазіцыі і яе рэалізацыі бачыцца спрактыкаваная рука галоўнага гіт-мэйкера краіны Лявона Вольскага, які тут выступае ў ролі айчыннага Timbarland’a: дапамагае аўтару тэкстаў дапрацаваць тэкст, а музыкам -- стварыць музычны вобраз абранай гістрычнай тэмы, зрабіць так, каб песня “чапляла” слухачоў з першага ж праслухоўвання. Так яно і атрымоўваецца: кампазіцыя “Загінуўшым паэтам прысвячаецца...” ужо зараз займае лідыруючыя пазіцыі ў гіт-парадзе партала “Тузін Гітоў”. А гэта добрая прамоцыя для складанкі, як і тое, што на дыску ёсць рэдкі варыянт звыш-папулярнага гіта N.R.M. “Тры чарапахі-NEW”...
P.S. Нагадаю, што складанка "Незалежны Я" будзе распаўсюджвацца з канца сакавіка. Каб атрымаць дыск бясплатна, трэба звярнуцца на электронны адрас 25sakavika@gmail.com ці пакінуць сваю заяўку і каардынаты на сядзібе Партыі БНФ (пр. Машэрава, 8).

2 comments - Leave a commentPrevious Entry Share Next Entry

Comments:

From:czyk [blogspot.com]
Date:March 24th, 2008 07:18 am (UTC)

ружовы квадрат

(Link)
як «Ва-банк» прачытаў. )
From:mialguj
Date:March 28th, 2008 06:39 pm (UTC)

mialguj

(Link)
Інтэрвію можна пачытаць у газеце Новы Час № 10 ад 28т сакавіка.
А, Мяльгуй